Міністэрства абароны Беларусі пашырыла і ўдакладніла пералік транспартных сродкаў, якія могуць быць перададзены войску ў перыяд мабілізацыі і ваеннага часу. Адпаведная пастанова апублікаваная 21 снежня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Згодна з дакументам, мабілізацыі цяпер падлягае не толькі транспарт дзяржаўных органаў і арганізацый, але і тэхніка, узятая ў лізінг, незалежна ад формы ўласнасці. Раней такая норма не дзейнічала.
Акрамя таго, пашыраны спіс транспарту, які ў ваенны час могуць абавязаць перадаваць арміі грамадзяне Беларусі. У яго ўпершыню ўключылі матацыклы.
У выніку пералік ахоплівае транспарт арганізацый і грамадзян, у тым ліку легкавыя аўтамабілі з колавай формулай 4×4, аўтобусы, грузавікі, сядзельныя цягачы, розныя віды прычэпаў, трактары, самаходную тэхніку, квадрацыклы, маламерныя судны і матацыклы.
nashaniva.com/эж